КААПЕРАВА́ННЕ ВЫТВО́РЧАСЦІ,
форма арганізацыі грамадскай вытв-сці, якая мае на мэце ўстанаўленне працяглых вытв. сувязей прадпрыемстваў па сумесным вырабе канчатковай прадукцыі. К.в. можа быць галіновае (паміж прадпрыемствамі адной галіны прам-сці), міжгаліновае, унутрызаводскае (паміж цэхамі прадпрыемства), унутрыраённае (паміж прадпрыемствамі аднаго эканам. раёна) і міжраённае. К.в. вынікае са спецыялізацыі вытворчасці і мае тыя ж 4 формы: прадметнае, калі заводы пастаўляюць галаўному прадпрыемству вырабы, што ідуць на камплектаванне канчатковай прадукцыі; падэталёвае, калі галаўны з-д атрымлівае ад прадпрыемстваў-сумежнікаў асобныя дэталі і вузлы для гатовай прадукцыі; тэхналагічнае, калі адзін з-д выконвае для другога асобныя тэхнал. аперацыі або пастаўляе пэўныя паўфабрыкаты; функцыянальнае, калі спецыялізаванае прадпрыемства па аказанні паслуг выконвае для інш. прадпрыемстваў функцыі па абслугоўванні вытв-сці (рамонт абсталявання і інш.). К.в. дазваляе больш поўна выкарыстоўваць усе перавагі спецыялізацыі і канцэнтрацыі і скарачаць працягласць вытв. цыкла па вырабе канчатковай прадукцыі.
М.Ю.Пасюк.
т. 7, с. 377
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)